археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.цэнтр. і ўсх. Германіі, Польшчы, Чэхіі, на ПнУ Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на З Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Паселішчы размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы пераважна наземныя, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца паўзямлянкі. Побач з жытламі ствараліся гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаванні індывід. і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам (адсюль назва культуры) і верт. венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з косці і гліны. На тэр. Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найб. вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы (Ваўкавыскі і Бераставіцкі р-ны Гродзенскай вобл.).
Літ.:
Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. М., 1983;
Чарняўскі М.М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Шарападобных амфар культура. Пасудзіна з могільніка Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл.